КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
т. 7, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)